Смаргонскі лясгас зладзіў прыборку ў дэндрапарку і экскурсію ў гадавальнік.22 кастрычніка ў дэндрапарку ў Смаргоні было шматлюдна. Работнікі Смаргонскага доследнага лясгаса, навучэнцы школы №1, а таксама падлеткі-ўдзельнікі школьнага лясніцтва прыбіралі лісце ў дэндрапарку. Ініцыятыва, якая заклікала ўдзельнікаў зрабіць свой раён больш экалагічным, ладзілася сумесна з праектам «Пагадненне мэраў для лакалізацыі мэтаў устойлівага развіцця ў гарадах Беларусі».Уявіце сабе: проста ў цэнтры Смаргоні, побач са шматпавярхоўкамі на плошчы большай за гектар раскінуўся дэндрапарк, у якім у свой час пасадзілі 36 відаў раслін.
Ёсць тут і жоўтая акацыя, і барбарыс, і чырвоны дуб і некалькі відаў ядлоўца, і расліны са складанымі назвамі – псеўдацуга і берасклет.У дэндрапарк звычайны сквер ператварыўся ў 2002 годзе.Пра мясцовую славутасць смаргонцы добра ведаюць. Пытаючыся ў гараджан пра знаходжанне парку, я чула даходлівыя адказы, таму знайшла яго хутка. Здалёк убачыла і ўнушальную браму, і лясгасаўскія трактары, і школьнікаў, якія грузілі ў мяшкі восеньскую лістоту пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара лясгаса
Андрэя Пятроўскага.
За смехам ды размовамі вучні СШ №1 хутка прыбралі ладні кавалак парку і пайшлі на ўрокі.
А больш зацікаўленыя хлопцы і дзяўчаты – сябры школьнага лясніцтва – рушылі на экскурсію ў гадавальнік лясгаса, што месціцца недалёка ад горада.Дырэктар гадавальніка
Аляксей Грышкевіч расказаў школьнікам, як з маленькіх сеянцаў вырасціць вялікае дрэва, прадэманстраваў сістэму паліву ў цяпліцах. У адной вада ўтварае туман, у другой – разлятаюцца больш буйныя кроплі.
На тэрыторыі гадавальніка ёсць лесанасенная плантацыя, дзе збіраюць шышкі на насенне. Для зборкі лясгас мае спецыяльны трактар з вышкай.
Дарэчы, багаты ўраджай шышак на елках бывае не штогод, а раз на пяць-сем гадоў.А яшчэ ў такіх елак перыядычна трэба зразаць вершаліну. Калі гэтага не рабіць, яна можа вырасці да пяцідзесяці метраў, і шышкі тады не збярэш нават на трактары з вышкай.
Работнікі лясгаса падзяліліся, што ў гадавальніку закладаюць новы дэндрапарк.Будзе тут і лабірынт з дрэваў, і альтанкі для майстар-класаў, і экалагічная сцяжына, а яшчэ сцяжына адчуванняў, па якой карысна хадзіць басанож.
Рэгіянальная газета